Іранскія ўлады ў панядзелак высеклі спявачку Парасту Ахмадзі і чатырох удзельнікаў яе канцэртнай каманды, паведаміў яе адвакат Мастафа Нілі, перадае Euronews. Пакаранне адбылося пасля выступлення ў снежні 2024 года, падчас якога Ахмадзі спявала без хіджаба.
Суд у правінцыі Кум прысудзіў дзевяць удзельнікаў каманды да 74 удараў бізуном кожнага, а таксама забараніў ім на два гады пакідаць Іран і займацца мастацкай дзейнасцю. Канцэрт адбыўся без гледачоў у караван-сараі Дэйр-Гачын 11 снежня 2024 года і трансляваўся наўпрост на YouTube. Улады таксама апячаталі гістарычны аб’ект.
Адзін з удзельнікаў каманды абароны асобна паведаміў BBC News, што Ахмадзі, трое музыкаў і прадзюсар атрымалі па 74 удары бізуном у Куме. Паводле BBC, апеляцыйны суд пакінуў прысуды ў сіле ў верасні, а абвінавачаныя адмаўлялі абвінавачанне ў парушэнні грамадскай маральнасці.
Нілі назваў высечаных разам з Ахмадзі музыкаў Сахейла Фагіх-Насіры, Аміна Тахеры і Аміралі Пірнію, а таксама арганізатара Мохсена Лашкары. Amnesty International заклікала скасаваць прысуды, назваўшы лупцаванне забароненым жорсткім абыходжаннем. У паведамленнях не сказана, ці выкананыя прысуды адносна астатніх чатырох удзельнікаў каманды.



